У канцы красавіка ў Віцебску стартавала экалагічная акцыя “Пасадзі дрэва ў гонар алімпійскага прызёра”. У паўночнай сталіцы Беларусі радуюць вока сем маладых саджанцаў ліпы. Іх духмяныя кветкі сімвалізуюць уладальнікаў алімпійскага “золата”. Ахвотна падхапілі эстафету і аршанцы.
Невялікая алея з прыгожых каштанаў, саджанцы якіх бязвыплатна выдзеліў Аршанскі лясгас, нядаўна з’явілася каля Аршанскага Цэнтра фізічнай культуры, турызма і краязнаўства дзяцей і моладзі. Удзельнікамі акцыі ў нашым горадзе сталі хлопцы і дзяўчаты з алімпійскіх клубаў, якія працуюць пры школах і Цэнтры. З прывітаннем перад маладым пакаленнем выступіў дырэктар Цэнтра фізічнай культуры, турызма і краязнаўства дзяцей і моладзі С. Гвоздзеў. Ён нагадаў, што ў жыцці трэба пасадзіць дрэва, пабудаваць дом і вырасціць сына. Юнакі і дзяўчаты выдатна справіліся з адной задачай: падчас акцыі яны пасадзілі цэлую аллею. Разам з кіраўнікамі і настаўнікамі юныя алімпійцы ўпрыгожвалі не толькі малую Радзіму, але і любімую Беларусь.