“ДЗЕНЬ ДОБРЫ, СВЕТ!” – пад такой назвай прайшоў чарговы, абласны, этап рэспубліканскага агляду-конкурсу творчых калектываў устаноў адукацыі. Узорны духавы аркестр сярэдняй школы №8 упэўнена абышоў іншыя калектывы ў сваёй намінацыі і заняў ганаровае першае месца, заваяваўшы права прадстаўляць наш горад у сталіцы рэспублікі. Аркестр добра вядомы не толькі ў Оршы і раёне як нязменны ўдзельнік ўрачыстых мерапрыемстваў, але ён яшчэ і неаднаразовы прызёр шматлікіх конкурсаў рознага ўзроўню, быў час – выступаў нават у Нарвегіі. Шырокая вядомасць патрабуе пастаянна трымаць высокую творчую планку. Тым больш, да гэтага абавязвае і званне Узорнага. Кіраўнік аркестра Сяргей Даронін, у недалёкім мінулым сам выпускнік восьмай школы, умее бачыць перспектыву, знаходзіць індывідуальны падыход да кожнага выканаўцы, ствараючы тым самым працаздольны калектыў аднадумцаў, і прыкладае нямала намаганняў, каб захаваць адну з лепшых традыцый, што гадамі складвалася ў калектыве, - заваёўваць прызнанне па-сапраўднаму прафесійнай ігрой, стабільным павышэннем выканаўчага майстэрства.
Дасягнуць такога няпроста, таму што ў школьных аркестровых калектывах ідзе пастаяннае абнаўленне саставу, так як кожны год пэўная частка музыкантаў пакідае школьныя сцены, ёй патрабуецца замена. І яна рыхтуецца, сістэматычна і мэтанакіравана, пачынаючы з пачатковай школы. І ўжо вучні 6-7 класаў, скажам, такія як Новікаў Даніла, Багданаў Дзмітрый, Лосеў Аляксей, Шупілаў Ягор, Гаўрылаў Максім, Фомчанка Ігар і іншыя, нароўні іграюць з вучнямі 11 класа.
Пры падвядзенні вынікаў конкурсу начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама І. А. Шчурок, уручаючы ўзнагароду духавому аркестру СШ №8, высока ацаніў яго прафесіяналізм , падзякаваў за выдатнае выступленне і пажадаў новых поспехаў і перамог.
М. Камароўскі