image2s

Профориентация

Академия БГСХbgooritkzsa2

Институт пограничной

службы РБ

ips


Госэнергогазнадзор

2

uvdinfo

mcs

mchs

Prokuratura

Формы семейного устройства

formy2

Министерство образования Республики Беларусь

Детский правовой сайт

Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь

Верш Максіма Багдановіча “Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…” (1915)

Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы
У ціхую сінюю ноч
І сказаць:
“Бачыце гэтыя буйныя зоркі,
Ясныя зоркі Геркулеса?
Да іх ляціць наша сонца,
І нясецца за сонцам зямля.
Хто мы такія?
Толькі падарожныя, – папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім да зор?”

 

Шматаспектны аналіз верша
“Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…”
Максіма Багдановіча

Чым далей мы ад сваіх вытокаў, тым бліжэй да іх разумення. Ад вытокаў мы адышлі ўжо даволі далёка.Час азірнуцца і задумацца: хто мы, адкуль, для чаго прыйшлі на гэтую зямлю і што павінны пакінуць пасля сябе? "Хто мы такія?" – пытанне, пастаўленае ў вершы "Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы..." Максіма Багдановіча. I пытанне гэтае паставіў перад сабой паэт, якому быў адведзены зусім кароткі жыццёвы шлях.

Сярод беларускіх пісьменнікаў пачатку XX ст. Максім Багдановіч вылучаўся шырокай эрудыцыяй, глыбокімі ведамі па гісторыі літаратуры і сусветнай культуры. Ён быў таленавітым паэтам, празаікам, перакладчыкам, крытыкам, гісторыкам літаратуры і публіцыстам. Але перш за ўсё М. Багдановіч – паэт-лірык, які стварыў у вершах непаўторны вобраз роднага краю, паказаў пакугны лёс беларускага мужыка, па-свойму ўзняў многія агульначалавечыя пытанні вечнага і часовага, смерці і несмяротнасці, сяброўства і кахання.

Паэтычны твор "Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы..." пачынаецца проста і разам з тым нечакана. I спакваля нараджаецца пачуццё радасці, як пры сустрэчы з добрым знаёмым ці сябрам. А на гэты раз – з вялікім паэтам. I неяк проста, непрыкметна, ідучы па гэтай вуліцы, мы выходзім у шырокі Сусвет.

Аднак за вонкавай простасцю – напружаная праца думкі. Максім Багдановіч з вялікай патрабавальнасцю ставіўся да сваіх твораў, удасканальваў іх мастацкую форму, увесь час павышаў сваё паэтычнае майстэрства.

"Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы..." – лірычная мініяцюра, але выказанай тут думкі хапіла б на цэлы раман. Твор належыць да філасофскай лірыкі. Спачатку падаецца, што паэт імкнуўся падзяліцца з намі асабістымі перажываннямі. Аднак, калі мець на ўвазе, што верш быў напісаны ў 1915 г. і накіраваны супраць імперыялістычнай вайны, то відавочна: Максім Багдановіч выступіў як паэт-гуманіст.

Тэма верша-развагі творцы пра сутнасць і мэты чалавечага існавання, галоўная думка – сцвярджэнне гуманістычнай ідэі міру, яднання, узаемапаразумення людзей. Знішчальнай вайне, якая нясе смерць, боль і пакуты, паэт супрацьпаставіў вышыню памкненняў чалавецтва на зорным шляху.

Верш вельмі ёмісты па сваім змесце. Міжволі звяртаеш увагу на будову радкоў – у сапраўдным паэтычным творы працуе кожны элемент формы.

Пытаннем "Хто мы такія?" кампазіцыйна твор выразна падзяляецца на дзве часткі. І ў кожнай – сваё пытанне. Верш запрашае да роздуму над вечнай праблемай чалавечага існавання.

Вельмі важна, што паэтычная думка выказана верлібрам. Свабодны верш дапамагае перадаць касмічнасць, неабмежаванасць прасторы. Адсутнасць строгай, дакладнай рыфмы нібы падкрэслівае і свабоду кожнага рухацца ў гэтай прасторы абраным шляхам.

Уражанне бясконцасці Сусвету ўзмацняецца асанансам – паўтарэннем шырокіх, адкрытых галосных а, о: "Нашто ж на зямлі / Сваркі і звадкі, боль і горыч...". Такой самай мэце падпарадкаваны і выбар лексікі. Словы пераважна агульнаўжывальныя, нейтральныя па афарбоўцы. Аўтар не здзівіў чытача гучным незнаёмым словам, каб не парушыць урачысты спакой Галактыкі. Адначасова ствараецца ўражанне, што шлях чалавека таксама можа быць спакойным, мірным, шчаслівым.

Цікава, што ў першай частцы верша ёсць нешматлікія прыметнікі (у ціхую сінюю ноч, буйныя зоркі, ясныя зоркі), а ў другой іх няма. Тут ужо нішто не адцягвае нашай увагі і задаецца галоўнае пытанне: Нашто ж на зямлі Сваркі і звадкі, боль і горыч, Калі ўсе мы разам ляцім Ца зор?

Пытанне зададзена ў рытарычнай форме, па-майстэрску дакладна, і адказ прадугледжаны. Гэтым пытаннем паэт падключаў чытача да роздуму, уводзіў у галактыку сваіх перажыванняў, рабіў яго "папутнікам сярод нябёс".

Максім Багдановіч звяртаўся не да асобнага чалавека ці канкрэтнага народа, а да ўсяго чалавецтва ў цэлым: у вершы няма якіх-небудзь этнічных, нацыянальных прыкметаў.

Умоўны лад дзеяслова хацеў бы спаткацца і напісаны з вялікай літары займеннік з Вамі высвечваюць чуласць, далікатнасць, неназойлівасць М. Багдановіча.

Да ясных зорак ляціць наша сонца – адно на ўсіх (што ж дзяліць?). Эмацыйную афарбоўку мае дзеяслоў нясецца, ужыты ў дачыненні да слова зямля (можа таму, што яна свая, бліжэйшая). Звернем увагу на насычанасць усяго радка свісцячымі гукамі: "I нясецца за сонцам зямля " Алітэрацыя дапамагае перадаць хуткасць руху.

У другой частцы верша – толькі адзін дзеяслоў ляцім. Такім чынам аўтар падкрэсліў адзіны рух, у якім павінна з'яднацца чалавецтва, і гэты рух – да зор. Форма цяперашняга часу акцэнтуе "сучаснасць" радка.

Суседнія радкі насычаны назоўнікамі. I яны – нібы тыя зоркі на нашым шляху. Уважліва прыгледзімся да сказа з аднароднымі членамі: "Нашто ж на зямлі / Сваркі і звадкі, боль і горыч... ". Словы падабраны і размешчаны так, што два першыя (сваркі і звадкі) быццам увасабляюць прычыны чалавечых няшчасцяў, а два наступныя (боль і горыч) – іх вынік. Толькі горыч застаецца ў сэрцы, калі ў жыццё ўрываюцца сваркі і звадкі.

Верш вельмі лаканічны: у сціслай форме выказана шмат. Па сутнасці – гэта адзін сказ з простай мовай. Словы аўтара, а за імі – само пытанне. Дык чым кранае твор? Кранае, як сустрэча з дарагім чалавекам, калі потым помніцца кожнае імгненне, кожны рух, кожнае слова.

Звернем увагу на размяшчэнне паэтычных радкоў. Галоўнае пытанне "Хто мы такія? " стаіць асобна. I апошнія словы – "Да зор " – вынесены ў асобны радок. Гэта частка даданага сказа ў складаназалежным. Але відавочна, што Максім Багдановіч імкнуўся прымусіць нас убачыць яго, каб мы ведалі, куды ляцець.

Такім чынам, верш вызначаецца класічнай зладжанасцю вобразнай фактуры, празрыстасцю ідэі, гарманічнасцю кампазіцыі. Ён цэласны і завершаны, бо задума аўтара даведзена да лагічнага канца. Мастацкая думка жыве і ў сэнсе, і ў гучанні слоў, і ў рытме радкоў.

Максім Багдановіч не адзіны, хто ўзняў азначаную ў вершы праблему. Але ён змог вырашыць яе па-свойму, здолеў перадаць свае думкі арыгінальна і разам з тым проста. Верш створаны рукой майстра-ювеліра, які дакрануўся да звычайнага каменя і ператварыў яго ў неацэнны дыямент, што зіхаціць усімі гранямі.

Сваім зместам верш Максіма Багдановіча сугучны з агульначалавечымі ідэаламі і асабліва актуальна гучыць сёння, калі жыццё растрывожана сваркамі і звадкамі. Чаму ж не прыслухацца да слова Паэта, бо сапраўдны паэт-прарок свайго народа. Прыйшоў час азірнуцца на сваю гісторыю, прыслухацца, пакуль яшчэ зоры пазіраюць на нас і чакаюць нас. I адна з самых яркіх зорак – Максімава сэрца, што і сёння асвятляе нам шлях да зор.

Галіна Белік // Роднае слова. – 2003. – №3. – С.51-52

 

“Так казаў бы я…”
Асэнсаванне творчасці Максіма Багдановіча
(верш “Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…”)

Паэзія Максіма Багдановіча – унікальная з'ява ў беларускай лірыцы пачатку XX ст. Кожнае новае даследаванне толькі пацвярджае гэтую агульнавядомую ісціну. Аднак у розныя часы ў вершах "Вянка" даследчыкі вылучалі, здавалася б, вызначальныя аспекты іх мастацкай вобразнасці і арганізацыі: у іх бачылі дэкадэнцкія настроі, імпрэсіяністычнасць, праявы чыстага мастацтва і эстэцтва, уплывы сімвалізму і мадэрнізму (сучаснікі аўтара ацэньвалі іх, як правіла, са знакам мінус; цяпер у шкале эстэтычных каштоўнасцяў прэвалюе плюсавы знак), рэалізм (амаль крытычны), рэцэпцыю антычных, хрысціянскіх, сярэднявечных і рэнесансавых традыцый, міфалагічную вобразнасць, урбанізм, форматворчую і вобразную эксперыментальнасць і традыцыяналізм, касмізм і прыземленасць, сацыяльную і нацыянальную ангажаванасць, адкрытасць і загадкавасць, эдыпаў комплекс і многае іншае. Усё гэта сведчыць не столькі пра супярэчнасці ў поглядах крытыкаў і іх канцэптуальных падыходаў, колькі пра універсальнасць і сінтэтычнасць мастакоўскага бачання свету. Іх трэба разглядаць як дамінанту творчай індывідуальнасці М. Багдановіча, што і спарадзіла такі шырокі спектр ракурсаў асэнсавання яго спадчыны. І гэта невыпадкова. Пачатак XX ст. – перыяд культурнага крызісу, які абяцаў нараджэнне мастацкіх навацый. Адрознасць М. Багдановіча ад тагачасных беларускіх паэтаў абумоўлена вядомымі прычынамі і найперш абставінамі яго выхавання, начытанасцю. Разгубленасць і згубленасць, інтэлектуалізм лірычнага героя "вянкоўскіх" твораў – модус, характэрны для ўсёй еўрапейскай паэзіі тых гадоў, якую паэт выдатна ведаў. Магчыма, тут хаваецца псіхалагічнае і эстэтычнае (хоць і гранічна спрошчанае) тлумачэнне Багдановічавых творчых пошукаў і пакутаў.

Спадчына М. Багдановіча настолькі арыгінальная, што з цяжкасцю ўкладваецца ў агульнапрынятыя ў літаратуразнаўчай навуцы трафарэты. Таму яе варта адносіць да памежнага, пераходнага, канкрэтна выяўленага мастацка-эстэтычнага феномена, які сінтэзаваў у сабе аддаленыя ў часе і знешне цяжкасумяшчальныя творчыя прынцыпы. Літаратуразнаўца Алег Лойка канстатаваў, што "творчасць Максіма Багдановіча – гэта змясцілішча каардынат і параметраў самых-самых розных: эстэтык рамантызму і рэалізму, новапарнаскага сімвалізму і анталагізму, паэтык форм традыцыйных і раскавана верлібравых, анталагічна класічных і фальклорна-песенных, эпічна сказавых". Тым не менш нельга забываць, што сама па сабе творчасць заўсёды арганічная ў сваёй сутнасці. Індывідуальная манера – гэта сплаў жыццёвага вопыту, мастацкай традыцыі, уласнай творчай практыкі і прагі новых спосабаў самавыяўлення. Наш Паэт – вельмі чуйны і ўспрымальны ў мастацкіх адносінах творца, яго трэба лічыць пачынальнікам эмацыйна-інтэлектуальнай плыні ў нацыянальнай паэзіі. Ён не проста засвойваў усё, што ўбачыў, прачытаў, а асэнсоўваў перажытае і, галоўнае, увесь час шукаў стымулы для творчай актыўнасці, крыніцы новых вобразаў.

Паэтычная практыка аўтара “Вянка” вельмі адметная. «Чытаючы Багдановіча, імкнучыся яго зразумець, -- адзначаў крытык Рыгор Бярозкін, -- неабходна прывыкнуць да думкі, што ўласна лірычным перажываннем у яго нярэдка становіцца не проста названая ў вершы эмоцыя, а чыста тэарэтычны, кніжны імпульс, які ёй сдарожнічае, а часам яе нават і перакрывае. Гэты імпульс вынікае з жадання "адукаваць роднае слова, пра якое злыя языкі нястомна сцвярджалі, быццам яно па прыродзе сваёй не можа выйсці са штодзённага сялянскага побыту». Прывядзём канкрэтны прыклад, што, як нам здаецца, яскрава пацвярджае слушнасць высноваў даследчыка. Прыгадаем хрэстаматыйны верш М.Багдановіча "Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…” (1915), напісаны ў разгар Першай сусветнай вайны…

У акадэмічнай "Гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя" ў сувязі з гэтым вершам Іван Навуменка выказаў асцярожнае, але каштоўнае меркаванне: «Матыў "падарожных", не выключана, запазычаны з рамана нарвежскага пісьменніка Кнута Гамсуна "Пад асенняй зоркай", імпрэсіяністычны стыль якога імпанаваў паэту». Напрыканцы XIX - пачатку XX ст. нарвежская проза развівалася асабліва інтэнсіўна і імкліва заваёўвала папулярнасць, у тым ліку і ў Расеі. Гэтаму, бясспрэчна, спрыялі любоўна-псіхалагічныя і вострасацыяльныя раманы К. Гамсуна (1859 — 1952). Але, мабыць, у дадзеным выпадку можна гаварыць пра магчымы факт не толькі беларуска-нарвежскай міжлітаратурнай камунікацыі, але і беларуска-нямецкай, прычым апасродкаванай. І вось чаму. Як вядома, К. Гамсун быў гарачым прыхільнікам і, у пэўнай ступені, нават "мастацкім ілюстратарам" ідэй Фрыдрыха Ніцшэ (1844 – 1900). У кнізе нямецкага філосафа "Па той бок дабра і зла: Прэлюдыя да філасофіі будучыні" (1886) у раздзеле VIII "Народы і айчыны" ў невялікім 243-м параграфе выказана наступная думка: “Мне прыемна чуць, што сонца наша рухаецца да сузор'я Геркулеса: і я спадзяюся, што чалавек на зямлі стане падобным у гэтым сонцу. I мы перш за ўсё, мы, добрыя еўрапейцы!"

Думаецца, не трэба асаблівай праніклівасці, каб заўважыць выразную і, цалкам верагодна, генетычную блізкасць вобразнасці ў творах Ф. Ніцшэ і М. Багдановіча. І ў рэфлексеме мысляра, і ў Багдановічавым вершы адлюстраваны блізкія па прыродзе адчуванні-перажыванні еднасці ўласнага лёсу з наканаваным усяму чалавецтву. І гэтае пачуццё ці, дакладней, яго выяўленне — не вельмі частая з'ява ў мастацтве ўвогуле і ў творчасці пісьменнікаў мяжы XIX — XX стст., часу сацыяльна-маральнай праблематыкі. Засяроджанасць сталага роздуму пра вечнае і будзённае, пра абстрактнае і канкрэтнае, пра ўзвышанае і прыземленае яднае Ф. Ніцшэ і М. Багдановіча. Але відавочная і істотная адрознасць: "аптымізм" філосафа і "эмацыйны" песімізм-разгубленасць паэта, выразнае дыферэнцаванае (кантынентальнае) стаўленне да чалавецтва першага і поўнае зліццё з інтарэсамі планетарнай цывілізацыі другога. Праўда, гэта можна патлумачыць тым, што творы пісаліся ў розны час. Спадзяванні Ф. Ніцшэ не спраўдзіліся – на пачатку XX ст. яго "добрыя еўрапейцы" распачалі сусветную вайну. У такім разе ў Багдановічавым вершы засведчаны творчы падыход аўтара да асэнсавання змястоўнасці крыніцы вобраза з пазіцый аксіялагічных праблем і рэалій сучаснасці.

Зрэшты, фактычны бок (рух Сонечнай сістэмы да сузор'я Геркулеса), мастацкая апрацоўка якога спарадзіла адпаведныя вобразы, мог быць вядомы М. Багдановічу і з іншых крыніц. Паводле ўспамінаў бацькі, "Максім быў прыняты як свой у сям'і Шчарбаковых", гаспадар якой у свой час быў дырэктарам гімназіі ў Ніжнім Ноўгарадзе, заснавальнікам таварыства аматараў астраноміі і фізікі, аўтарам прац па касмаграфіі. Але М. Багдановіч дапусціў адну вельмі істотную фактычную недакладнасць, паэтычную па сваім паходжанні: назваў "буйнымі" зоркі непрыкметнага сузор'я Геркулеса (такіх зорак, як самая яркая ў гэтым сузор'і, на начным небе можна ўбачыць каля сотні).

На карысць літаратурнага ўзаемадзеяння гаворыць не толькі вобразная сугучнасць твора М. Багдановіча з тэкстам нямецкага філосафа, але і палемічная скіраванасць верша. Звернем увагу на тое, што пачатак XX ст. вызначаўся актыўнай цікавасцю да творчасці Ф. Ніцшэ. Ва ўсякім разе, проста цяжка сабе ўявіць, каб М. Багдановіч, які ледзь не ўвесь вольны час бавіў у бібліятэцы, не чытаў твораў нямецкага пісьменніка і філосафа, які, дарэчы, свята верыў у сілу розуму. Здаецца, мы маем справу з прамым запазычаннем, а не з выпадковым супадзеннем. Агульнасць тэмы, але адрознасць ідэі толькі пераконвае ў гэтым. Сведкі і ўдзельнікі сусветнай вайны страцілі ніцшэанскую веру. Рэаліі вайны сталі найбольш важкім аргументам на карысць меркавання пра неразумнасць палітычнай і грамадскай арганізацыі людской супольнасці. Адсюль нарадзілася трагічнае і адначасова рытарычнае пытанне ("Нашто ж на зямлі / Сваркі і звадкі, боль і горыч, / Калі ўсе мы разам ляцім / Да зор?"), у якім і заключаецца асноўная сэнсавая, ідэйная нагрузка ў вершы. Перад намі, верагодна, адна з найбольш пашыраных формаў творчага ўзаемадзеяння — выкарыстанне пэўнай тэмы праз запазычванне канкрэтнага вобраза з мадыфікацыяй нюансаў узнятай праблемы. Гэта не адаптацыя ніцшэанскага светабачання да беларускай глебы, а чыста інфармацыйнае выкарыстанне элемента інтэлектуальнага набытку папярэдніка, якраз той выпадак, для якога ў працах беларускіх кампаратывістаў часта ўжываецца своеасаблівы вобразны тэрмін – "сустрэча". Так, гэта ці не адзінкавая "сустрэча", якая, падкрэслім, пакуль не дае падставаў гаварыць пра больш шырокае супадзенне тэмаў і вобразаў нямецкага і беларускага пісьменнікаў.

Мы не ставім пад сумненне арыгінальнасць як мастакоўскую дамінанту творчасці М. Багдановіча. Жаданне лірычнага героя яго верша ўначы сустрэцца з Ёю (так, напэўна, трэба разумець "спаткацца з Вамі") і гаварыць пра глабальную людскую неўладкаванасць — як прызнанне ў каханні, адзіным пачуцці, якое людзі рэальна могуць проціпаставіць гэтай неўладкаванасці. Напрошваецца такая трактоўка. У класічнай трыядзе "прыроднае — грамадскае — асабістае" Максім Багдановіч не прымаў пачварных праяваў цэнтральнага звяна і, пагодзімся з літаратуразнаўцай Т. Шамякінай, "часта думаў пра тое, што знаходзіцца за краем часу і прасторы". Фрыдрых Ніцшэ пісаў: "Ёсць два роды генія: адзін, які найперш апладняе і імкнецца апладняць, другі, які ахвотна дае апладняць сябе і нараджае". Верагодна, М. Багдановіч належаў якраз да "другога роду" геніяў.

Прывядзём у пэўнай ступені адзначаную палемічным акцэнтам выснову крытыка Віктара Каваленкі: «Ясна адно: вялікі аб'ём запазычанага матэрыялу ніколькі не прыніжае арыгінальнасці, самабытнасці М. Багдановіча як беларускага паэта. <...> Узятае "звонку" імкліва перапрацоўвалася, "пераплаўлялася", пераўтваралася ў мастацкі матэрыял, які адпавядаў задачам развіцця нацыянальнай літаратуры». На першы погляд, з гэтым няма падставаў спрачацца. Аднак існуюць і іншыя падыходы да канцэптуальнага вырашэння гэтага пытання, з якімі, напэўна, В. Каваленка і не быў згодны. Так, філосаф Уладзімір Конан асобны раздзел "Усе мы разам ляцім да зор..." у кнізе "Святло паэзіі і цені жыцця: Лірыка Максіма Багдановіча" (1991) пачаў зноў жа палемічна: «Яшчэ і сёння часам перабольшваецца "кніжны" характар творчасці Багдановіча. Празмерна акцэнтуецца ўвага на літаратурных уплывах з боку рускай і заходнееўрапейскай мастацкай культуры на станаўленне беларускага паэта. Аднак ужо той факт, што ніхто яшчэ не здолеў даказаць на падставе параўнаўчага аналізу залежнасць шэдэўраў Багдановічавай лірыкі ад рускіх, французскіх ды іншых высокіх мастацкіх узораў паэтычнай творчасці, сведчыць не на карысць "тэорыі ўплываў"». Наўрад ці варта ва ўсім пагаджацца з даследчыкам, хоць і можна зразумець яго імкненне падкрэсліць арыгінальнасць, някніжнасць, нядругаснасць вобразнасці беларускага паэта.

Не выпадае прыняць без пярэчанняў і жаданне У. Конана глабалізаваць бачанне свету М. Багдановічам, звязанае ў разгляданым вершы з нейкай жыццёвай канкрэтыкай. «Крыху раней, у тым жа 1915 годзе, на старонках газеты з'явіўся першы Багдановічаў верлібр "Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...". Па нейкім непаразуменні, мабыць, грунтуючыся на звароце аўтара да асобы з ветлівым "Вы", даследчыкі часам адносілі яго да інтымнай лірыкі. Між тым паэт звяртаўся да Чалавека, да людзей усіх часоў і пакаленняў, да нас з вамі, чытачы. Мабыць, упершыню на мове беларускай паэзіі прагучала думка пра агульнасць чалавечага лёсу ў бязмежным космасе, пра духоўнае адзінства ўсяго чалавецтва», — перакананы У. Конан.

Падобная трактоўка твора прапануецца і для школы. Так, настаўніца Галіна Белік у метадычным артыкуле, прысвечаным аналізу верша, даводзіць: «"Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы..." – лірычная мініяцюра, але выказанай тут думкі хапіла б на цэлы раман. Твор належыць да філасофскай лірыкі. Спачатку падаецца, што паэт імкнуўся падзяліцца з намі асабістымі перажываннямі. Аднак, калі мець на ўвазе, што верш быў напісаны ў 1915 г. і накіраваны супраць імперыялістычнай вайны, то відавочна: Максім Багдановіч выступіў як паэт-гуманіст». У сувязі з гэтым хочацца заўважыць, што мы і так залішне "пашчыравалі" на шляху стварэння міфалагізаваных вобразаў нашых класікаў, дый увогуле беларускіх пісьменнікаў. Многія з іх амаль перасталі ўспрымацца вучнямі як рэальныя людзі.

Дарэчы прыгадаць, што ў "Нашай Ніве" быў надрукаваны хутчэй за ўсё скарочаны (рэдакцыяй ці аўтарам – невядома) варыянт верша "Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...". Вядома, сёння высветліць, якою была аўтарская воля, складана, але нельга не ўлічваць, што існуе першакрыніца – чарнавы накід, які цяпер называюць рукапісным варыянтам твора. У ім ёсць сем дадатковых радкоў, першы з якіх (тут нават не алюзія, а ўвогуле факт "палемічнай варыяцыі" ці інтэртэкстуальнасці) відавочна сугучны з назвай вядомай працы Ф. Ніцшэ "Так казаў Заратустра" (1883 – 1884):

Так казаў бы я,
І тонкае жала жальбы
Укалола бы душу.
Уцішай гэты боль, мая мілая думка,

Што нам з Вамі адна дарога,
Не толькі дарога Дваранскай і Стралецкай,
Але і да тых прэкрасных зор
.

Гэты "некананічны", пакінуты цяпер толькі для каментара, своеасаблівы эпілог здымае сумненні — перад намі цудоўны ўзор найперш інтымнай лірыкі, а не толькі філасофскай. Бо сапраўды цяжка сабе ўявіць жаданне прайсціся па канкрэтных вуліцах з абстрактным чалавекам. Асобасны пачатак у творы вельмі важкі. І такая акалічнасць не прыніжае талент паэта. Усведамляючы веліч постаці М. Багдановіча для беларускай культуры, тым не менш не варта забываць, што ён быў 24-гадовым маладым чалавекам, а не ссівелым мудрым патрыярхам. Максім Багдановіч вялікі не таму, што быў ніцшэанскім эстэтызаваным звышчалавекам, а таму, што быў чалавекам свайго ўзросту і часам надзіва наіўным у паводзінах і ўчынках. Дарэчы, адносна небагатым жыццёвым вопытам найперш і абумоўлена тое, што сюжэты, матывы, вобразы паэт, не меўшы іншых крыніц, бо быў чалавекам засяроджаным, нават замкнёным, так шчодра чэрпаў з кніг.

Генадзь Кісялёў, выявіўшы генетычную сувязь звестак пра К. Каліноўскага ў артыкуле М. Багдановіча "Беларускае адраджэнне" (1914) з тэкстам кнігі "Літва і Беларусь" (1912) польскага сацыяліста Л. Васілеўскага, без недарэчнага ў навуцы далікатнічання пісаў: "Адпаведнасць, можна сказаць, поўная. Здаецца, Багдановіч ці не цалкам перанёс гэты фрагмент у сваю працу, надаўшы яму сваю рэдакцыю. Зразумела ж, ён уставіў гэтыя звесткі ў высокую рамку сваёй патрыятычнай канцэпцыі, свайго праніклівага бачання нацыянальнай гісторыі. Чужое ў яго, як і ў іншых значных творцаў, адразу станавілася сваім. Але гэта не здымае пытання пра крыніцы. Моц літаратурнага крыніцазнаўства, уважлівага прачытання даступных крыніц у тым, што нават пры адсутнасці чарнавікоў і іншых падрыхтоўчых матэрыялаў мы атрымліваем рэдкую магчымасць кінуць погляд у творчую лабараторыю нашага паэта, як бы зірнуць з-за пляча пісьменніка". Сапраўды, мы павінны ўважліва чытаць усе даступныя крыніцы, каб натуральнае імкненне да "манументалізацыі" класікаў не прыводзіла да скажэння і дэфармацыі іх творчых абліччаў. У нас прыгожая літаратура, і праўда пра яе не можа быць непрыгожай.

Мы імкнуліся даказаць, што ў вершы "Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы..." прысутнічаюць рэмінісцэнцыі з творчасці Фрыдрыха Ніцшэ. І надалей на шляху выяўлення разнастайных па характары тэкстаў, якія сталі асновай некаторых вобразаў, нас будзе чакаць не адно адкрыццё. Максім Багдановіч — Паэт Ветру. У яго "Вянку" гэтая стыхія, сімвал руху, паказаная ў самых розных іпастасях, што сведчыць пра дынамізм мастацкага свету. І поўнае выяўленне ў Багдановічавай творчасці "ружы вятроў" іншаземных уплываў не зменшыць яе значэнне як з'явы выключна нацыянальнай.

Запрудскі І.М. // Роднае слова. – 2004. -- №3. – С.14-16.
 

blind

Поиск по сайту

centrpolikk

Musei

Доп. образование

dopobrnew

e diary

bann2

Технопарк

logotechnopark

centrusyn

ШАГ

shag2

Авторизация



Посетители на сайте
Сейчас 640 гостей онлайн
Электронный адрес: info@goroo-orsha.by                                                                          

Мы в соцсетях

Регистрационное свидетельство №3141101842 выдано НИРУП «Институт прикладных программных систем» kn vkfkn okinstagram telegr