Да 90-годдзя з дня нараджэння У.С. Караткевіча
У ДУА ”Сярэдняя школа №3 г.Оршы“ адбылося святкаванне 90-годдзя з дня нараджэння вялікага беларускага класіка У.С. Караткевіча.
Падчас тэматычнага тыдня “Зямля пад белымі крыламі” настаўнікі разам з вучнямі зладзілі шэраг мерапрыемстваў.
Ужо пры ўваходзе ў школу кожны бачыў плакат ”А ты чытаў творы Караткевіча?“ Цэнтрам святкавання юбілею пісьменніка стаў школьны музей, у якім размешчана Зала памяці славутага земляка.
На працягу некалькіх дзён вучні-экскурсаводы запрашалі школьнікаў 1-11 класаў наведаць музей, каб адправіцца ў цікавае падарожжа жыццёвымі і творчымі шляхамі Уладзіміра Сямёнавіча. Для вучняў малодшых класаў экскурсія ў школьны музей – гэта іх першы крок у незвычайны свет пісьменніка. Нездарма формай правядзяння экскурсіі была абрана квэст-гульня. Для вучняў былі прапанаваны розныя заданні: знайсці асабістыя рэчы Караткевіча, фотаздымкі, афішы, часопісы, кнігі, падараваныя роднымі пісьменніка. У музеі была аформлена выстава, дзе размяшчаліся творы Караткевіча, творчыя работы вучняў школы.
Класнымі кіраўнікамі былі праведзены тэматычныя інфармацыйныя гадзіны і мерапрыемствы. Усіх аматараў паэзіі сярод вучняў 9-11 класаў аб’яднала літаратурная гасцёўня ”Да майстэрства – праз творчасць!“. Для вучняў 5-6 класаў займальна прайшла віктарына ”Пясняр Беларусі“.
На працягу тыдня вучні рыхтаваліся і да творчых конкурсаў. Вынікам іх правядзення стаў вернісаж малюнкаў ”Бацькаўшчына светлая мая“, стварэнне калажаў ”Наш зямляк – Уладзімір Караткевіч“.
Вельмі запамінальным стаў дзень 26 лістапада. На працягу дня праводзілася акцыя ”Чытаем Караткевіча разам“. Паэтычныя творы, выканаўцамі якіх сталі педагогі школы, далі магчымасць вучням упэўніцца ў яркім і самабытным дараванні паэта. На перапынках гучалі запісы песень на словы Караткевіча, а таксама песні ў выкананні самога Уладзіміра Сямёнавіча. Відэаабзор кінастужак, створаных па сцэнарах беларускага пісьменніка, стаў штуршком праявы цікавасці вучняў да творчасці аўтара-адкрывальніка гісторыка-дэтэктыўнага жанру ў беларускай літаратуры. Між тым у школьных карыдорах і на лесвічных пляцоўках можна было пабачыць плакаты з цытатамі Караткевіча, яго асабістыя малюнкі, фотаздымкі мясцін Оршы, звязаных з імем вядомага земляка. Калейдаскоп невядомых фактаў пра пісьменніка пазнаёміў вучняў з тымі старонкамі жыцця творцы, пра якія нельга прачытаць у падручніку. Выявы кніг Караткевіча сталі часткай выставы ”Прачытай!“ і выдатнай рэкламай зборнікаў вядомага класіка.
Не засталася ў баку ад святкавання юбілею пісьменніка і школьная бібліятэка.Гэта не проста пакой, у якім знаходзяцца кнігі, а гэта яшчэ і сучасны інфармацыйны, культурны і адукацыйны цэнтр школы. Супрацоўнікі бібліятэкі распрацавалі для вучняў старэйшых і малодшых класаў інтэрактыўныя віктарыны па творчасці У.С.Караткевіча, аформілі электронную выставу яго кніг. Пры наведванні бібліятэкі кожны вучань змог асабіста пазнаёміцца з новымі выданнямі кніг Уладзіміра Сямёнавіча.
Напрыканцы тыдня былі падведзены вынікі, узнагароджаны пераможцы, адзначаны найбольш актыўныя ўдзельнікі.
Мерапрыемтвы, якіія праходзілі ў школе, асвятляліся ў мясцовых і абласных СМІ.
З цягам часу інтарэс да асобы і творчасці Уладзіміра Сямёнавіча не змяншаецца. Усё больш шырокае кола людзей цікавіцца яго творамі.
Збылося прароцтва нашага земляка: ”Быў. Ёсць. Буду“. Творы, напісаныя Караткевічам, застаюцца цікавымі і сучаснымі для ўсіх пакаленняў.