26 лістапада спаўняецца 90 год з дня нараджэння Ўладзіміра Караткевіча - аднаго з самых яркіх і самабытных прадстаўнікоў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя.
А што звязвае гэтага таленавітага чалавека з ДУА ”Сярэдняя школа №3 г.Оршы“? Менавіта ў гэтай школе ў 1938-1941 гг. будучы класік беларускай літаратуры правёў свае школьныя гады. З мэтай ушанавання памяці
У.С. Караткевіча ў 1986 годзе ў школьным музеі была адкрыта экспазіцыя, прысвечаная пісьменніку, а ў 1989 годзе — зала памяці. Сёння ў фондзе музея захоўваюцца шматлікія фотаздымкі, лісты, успаміны, літаратурныя творы, малюнкі аўтара. Сярод каштоўных экспанатаў – асабістыя рэчы Караткевіча: наручны гадзіннік, нататнік з аўтографам, копіі дакументаў, партфель пісьменніка.
Школьны музей з’яўляецца цэнтрам святкавання юбілея нашага земляка. На тыдзень памяці Караткевіча запланаваны шэраг мерапрыемстваў: дзень адчыненых дзвярэй ”У госці да Караткевіча“, квэст-гульня ”Даследуем творчасць пісьменніка“, тэматычныя выставы, літаратурны круіз, конкурс чытальнікаў. Для самых малодшых вучняў пройдзе літаратурная віктарына ”Казачны Караткевіч“. Падчас святкавання важнай даты ў школе ідзе падрыхтоўка да правядзення тыдня беларускай мовы і літаратуры, на якім вучняў чакаюць цікавыя і пазнавальныя мерапрыемствы, прысвечаныя творчасці У.С.Караткевіча. На перапынках будуць гучаць урыўкі з твораў аўтара, музыка са спектакляў па яго творах, дэманстравацца кінастужкі.
Матэрыялы музея школы выкарыстоўваюцца на ўроках, класных гадзінах, для напісання рэфератаў, навуковых работ і публікацый СМІ. Былым кіраўніком і занавальнікам музея Л.Д.Радомскай у 1989 г. была выдадзена кніга ”Уладзімір Караткевіч і Орша“.
У кнізе водгукаў музея вядомы фотакарэспандэнт, сябра У. Караткевіча, Валерый Ждановіч пакінуў запіс: ”Тут пакідаю сваю душу, свае сэрца... Вялікае шчасце ведаць, што ёсць школа, цудоўныя людзі, якія так шануюць імя нашага вялікага пісьменніка і грамадзяніна У. Караткевіча“.
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА”Сярэдняя школа №3 г.Оршы“ Н.П.Пруднікава