1 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень грамадзянскай абароны. Грамадзянская абарона – састаўная частка абарончых мерапрыемстваў дзяржавы па падрыхтоўцы да абароны і па абароне насельніцтва, матэрыяльных, гісторыка-культурных каштоўнасцяў на яе тэрыторыі ад небяспекі. Выхаванне ў насельніцтва адказных адносін да асабістай і грамадскай бяспекі, фарміраванне ў іх вопыту бяспечнай жыццядзейнасці з'яўляюцца састаўной часткай сістэмы бяспекі Рэспублікі Беларусь.
У рамках Дня абароны дзяцей ад надзвычайных сітуацый у дзяржаўнай установе адукацыі ”Крапівенская яслі-сад – сярэдняя школа Аршанскага раёнаׅ“ быў запланаваны і праведзены шэраг мерапрыемстваў. Так за некалькі дзён да дадзенай падзеі адміністрацыяй школы быў прадуманы і складзены план мерапрыемстваў, які ўключаў у сябе як вывучэнне тэарэтычнага матэрыялу, так і практычныя дзеянні па абароне ў надзвычайных сітуацыях.
Ужо раніцай 1 сакавіка ўсе ”жыхары“ школы пазнаёміліся з выставай малюнкаў на тэму ”Бяспечны свет вачыма дзяцей“, якую арганізавалі настаўнікі пачатковых класаў і настаўнік выяўленчага мастацтва. Далей кожны клас удзельнічаў у пэўным практычным або тэарэтычным блоку ў рамках агульнашкольнага плана па грамадзянскай абароне, які ўключаў у сябе:
абарону дзяцей пры аварыях, катастрофах, стыхійных навалах, пры забруджванні мясцовасці цяжкімі металамі;
першую медыцынскую дапамогу;
конкурсную праграму ”Дзень абароны дзяцей“;
кінапрагляд ”Аварыя на Чарнобыльскай АЭС“;
спартыўныя спаборніцты;
агульнашкольную эвакуацыю.
Найбольш значнай і паказальнай была практычная частка мерапрыемстваў, падчас якой вучні прадэманстравалі свае фізічныя здольнасці на паласе перашкод. Вучні старэйшых класаў правялі практычныя заняткі перад малодшымі школьнікамі: паказалі навыкі карыстання процівагазам, аказання першай медыцынскай дапамогі, якія атрымалі на ўроках дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі.
У канцы дня раздаўся сігнал ”Увага ўсім!“. Усе навучэнцы школы, карыстаючыся навыкамі сістэматычных штомесячных падрыхтовак, без панікі і хвалявання эвакуіраваліся са школы. Пасля пераклічкі і праверкі ”стану здароўя“ ўсіх навучэнцаў на шольным двары кожны жадаючы, пад кіраўніцтвам настаўніка фізічнай падрыхтоўкі Зінковічам В.П., змог практычна пакарыстацца вогнетушыцелем і патушыць уяўнае вогнішча.
Дадзеныя мерапрыемствы маюць вельмі вялікую практычную значнасць для кожнага чалавека, дапамагаюць абараніць і сябе, і тых, хто побач. Але хочацца, каб ніколі ў жыцці не прыйшлося сутыкнуцца з надзвычайнымі сітуацыямі.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры
ДУА ”Крапівенская яслі-сад – сярэдняя
школа Аршанскага раёна“ Н.А. Вараб’ёва