У кожнага чалавека ёсць месца, дзе ён нарадзіўся, дзе прайшло дзяцінства, дзе жылі і працавалі на зямлі яго бацькі, дзе адбывалася станаўленне поглядаў на жыццё і ўсведамленне сябе як асобы. Для кагосьці гэта вялікі горад з прамысловымі прадпрыемствамі і культурнымі цэнтрамі, а для кагосьці – закінутыя ў бязмежных прасторах Беларусі вёсачкі. Але дзе б мы ні нарадзіліся, трэба памятаць, што гэта і ёсць наш пачатак, наша аснова. І гэта трэба зберагчы не толькі дзеля сябе, а і для будучыні ўсёй краіны.
Менавіта гэтай тэме і была прысвечана літаратурнная вечарына-сустрэча “Паэтычныя галасы роднага краю” з аршанскай паэткай, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Надзеяй Канстанцінаўнай Стаховіч, якая праходзіла ў дзяржаўнай установе адукацыі “Крапівенская яслі-сад – сярэдняя школа Аршанскага раёна”.
Удзельнікі мерапрыемства, а гэта былі вучні 7, 9, 11 класаў, з вялікай адказнасцю аднесліся да арганізацыі дадзенай сустрэчы. З дапамогай настаўнікаў-філолагаў Вараб’ёвай Н.А. і Зарубіцкай Т.В. арганізавалі кніжную выставу зборнікаў вершаў Надзеі Стаховіч (“В моём имени, в твоём отчестве” (2002), “Осенины” (2005), “Опалённые фрески” (2007), “Единые нити” (2009), “Мои родники” (2012), “І вершы, и стихи” (2018), кніга для дзетак “Лясныя замалёўкі” (2018)). Вучні 5-7 класаў аформілі выставу малюнкаў “Мая малая радзіма”. Усе малюнкі былі створаны да вершаў Надзеі Канстанцінаўны. Дзеці намалявалі менавіта тое, што яны ўбачылі і адчулі ў творчасці сваёй зямлячкі.
Паэтка з вялікім замілаваннем і любоўю расказвала вучням нашай школы пра хутар, дзе праходзілі яе самыя шчаслівыя дзіцячыя гады. Кожнаму дрэўцу, травінцы, рачулцы яна прысвячала свой паэтычны радок. Немагчыма перадаць словамі (гэта можна толькі адчуць душой і сэрцам) з якім гонарам і павагай, не хаваючы слёз, Надзея Кнстанцінаўна чытала вершы, прысвечаныя самым блізкім і дарагім ёй людзям: бабулі, дзядую, маці, бацьку, сыну і ўнуку. Прыемным было і тое, што менавіта беларускамоўныя вершы, як адзначыла сама паэтка, найбольш удала, душэўна, па-сапраўднаму перадаюць душэўны стан творцы. Акрамя таго Надзея Канстанцінаўна запрасіла нашых вучняў наведаць яе дарагі куточак – хутар Кашына, каб дзеці не толькі пачулі, але і адчулі, убачылі прыгажосць роднай ёй старонкі. Як трапна сказала Надзея Стаховіч: “Толькі бацькоўскі дом, родныя мясціны і дарагія сэрцу ўспаміны могуць стаць надзейным і трывалым падмуркам у духоўным выхаванні кожнага чалавека. А калі гэты куточак захаваўся, не знік з твару зямлі, і вам ёсць куды вярнуцца, то вы па-сапраўднаму шчаслівы чалавек”.
Сустрэча з аршанскай паэткай прайшла ў вельмі шчырай, задушэўнай атмасферы. Кожны з прысутных атрымаў вялікае духоўнае задавальненне і асалоду, пахарашэў душой. Гэта было свята шчырых, узнёслых пачуццяў. У канцы мерапрыемства Надзея Канстанцінаўна падпісала для вучняў свае зборнікі, пажадала поспехаў у вучобе і заклікала да абавязковага чытання кніг. У сваю чаргу ўсе прысутныя напісалі Надзеі Стаховіч пра свае ўражанні, словы падзякі і прымацавалі “лісточкі” на дрэва пажаданняў. У знак падзякі дырэктар школы Аланцьева Т.А. і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Пеікрышвілі Н.А. прыпаднеслі Надзеі Стаховіч кветкі, пажадалі творчых поспехаў і спадзяванне на новую сустрэчу.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Крапівенскага ЯС-СШ Н.А.Вараб’ёва