13 лістапада 2015 года ў горадзе Мінску ва ўрачыстай абстаноўцы былі падведзены вынікі адкрытага дыстанцыйнага конкурсу па вучэбным прадмеце «Беларуская літаратура».
Арганізатарам конкурсу з’яўляўся Адукацыйны цэнтр Навукова-метадычнай установы «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Інфармацыйна-метадычную падтрымку ажыццяўлялі лабараторыя гуманітарнай адукацыі Навукова-даследчага цэнтра, аддзел метадычнага забеспячэння гуманітарнай адукацыі Метадычнага цэнтра Навукова-метадычнай установы «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Конкурс быў прысвечанага 85–годдзю з дня нараджэння нашага знакамітага земляка Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча і праводзіўся з мэтай стымулявання цікавасці вучняў да чытання твораў беларускай літаратуры, павышэння матывацыі да асобаснага і інтэлектуальнага развіцця.
Для ўдзелу ў конкурсе запрашаліся вучні IX–XІ класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, навучэнцы I–II курсаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Па падліку аргкамітэта ў конкурсе прынялі удзел каля 900 чалавек з розных куткоў нашай рэспублікі. Сярод іх былі і вучаніцы IX “А” класса дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 9 горада Оршы” Лугаўцова Іна і Яскевіч Вольга.
Конкурс складаўся з трох інтэрнэт-тураў. У І і ІІ турах нашым дзяўчынкам прапаноўвалася адказаць на 40 пытанняў з выбарам аднаго правільнага адказу з чатырох (тэматыка пытанняў — звесткі аб жыцці і творчасці Уладзіміра Караткевіча, творы пісьменніка, якія вывучаліся ў V–VIII класах). У ІІІ туры яны павінны былі напісаць творчае заданне (адказ у рэжыме анлайн на праблемнае пытанне, якое тычылася значэння творчасці Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча).
Аргкамітэт акрэсліў досыць складаныя ўмовы конкурсу. Так, доступ да пытанняў кожнага тура ажыццяўляўся толькі ў акрэсленыя дзень і час. Час выканання інтэрнэт-тураў складаў 60 хвілін. Пасля заканчэння вызначанага часу ажыццяўлялася аўтаматычнае закрыццё ўдзелу ў конкурсе. Кожны ўдзельнік меў толькі адну спробу праходжання кожнага этапу.
Пераможцы вызначаліся па агульнай суме балаў, набранай ўдзельнікамі за тры туры.
Па выніках конкурсу Дыпломамі І, ІІ і ІІІ ступеняў былі адзначаны 28 вучняў розных гарадоў і весак нашай рэспублікі.
Так склалася, што і нашы дзяўчаты таксама былі адзначаны ў ліку пераможцаў: Лугаўцова Іна атрымала Дыплом ІІ ступені, Яскевіч Вольга — Дыплом ІІІ ступені.
Гэта мела для іх вялікі сэнс: яны сталі адзінымі прадстаўнікамі Віцебскай вобласці, якія дасягнулі перамогі.
Да таго ж не сорамна было і перад памяццю свайго знакамітага земляка, якому Лугаўцова Іна прысвяціла свой верш:
Ты быў! Ты есць! Заўседы будзеш:
Старонкі памяці тым будзіш,
Дзе Вячка, Пасіера, Каліноўскі,
Грыневіч, Гораў, Серакоўскі,
Сапега, Мураўеў, Арсень Станевіч,
Луцэвіч, Радзівіл, Бачко, Кунцэвіч…
Ты быў! Ты есць! Ты будзеш з намі,
Як тонкі водар над палямі,
Як вольны, безупынны вецер,
Што шпарка летае па свеце.
Ты быў! Ты есць! Ты будзеш вечна –
Звычайны, просты, чалавечны,
Нястомны, спешны падарожнік…
З крыжом ля сэрца. Не бязбожнік…
Ты быў! Ты есць! Ты побач з намі!..
Звініш герояў галасамі.
Запомнішся такім навек –
Пісьменнік, Творца, Чалавек!
13 лістапада 2015 года ў Нацыянальным інстытуце адукацыі прайшло ўрачыстае мерапрыемства, на якое былі запрошаны і вучні нашай школы.
Пераможцаў конкурсу віталі прадстаўнікі аргкамітэта, супрацоўнікі аддзела метадычнага забеспячэння гуманітарнай адукацыі Метадычнага цэнтра. Яны падзякавалі дзяўчынкам і хлопчыкам за любоў да роднай літаратуры, выказалі спадзяванне на далейшую сумесную пленную працу на гэтай ніве.
Пераможцы атрымалі дыпломы і падарункі ад спонсараў, мелі магчымасць сфатаграфавацца на памяць.