У гэтым годзе ўся наша краіна адзначае вялікае свята – 70-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, Перамогі, блізкай і зразумелай кожнаму жыхару беларусу, ад старога да малога. Менавіта аб захаванні ў памяці маладога пакалення славутых і гераічных падзей з гісторыі Радзімы, выхаванні павагі да продкаў, якія адстаялі для нас мірнае жыццё, і гонару за абаронцаў штодзённы клопат настаўнікаў Беларусі. Не застаюцца ў баку ад гэтага важнага накірунку ў выхаванні школьнікаў і педагогі дзяржаўнай установы адукацыі “Крапівенская яслі-сад – сярэдняя школа Аршанскага раёна”. Адміністрацыя, педагагічны і вучнёўскі калектывы школы пастаянна знаходзяцца ў пошуку новых, найбольш цікавых і эфектыўных шляхоў рэалізацыі задач грамадзянска-патрыятычнага выхавання.
Для іх рэалізацыі ў педагагічнага калектыва Крапівенскай яслі-сада – сярэдняй школы ёсць важныя аб’екты выхаваўчага значэння: помнік воінам-вызваліцелям на прышкольнай тэрыторыі, школьны краязнаўчы музей , месцы пахаванняў герояў-землякоў.
Каля помніка воінам-вызваліцелям школьнікі традыцыйна праводзяць вахты памяці, прысвечаныя дню Перамогі, сустрэчы з ветэранамі, воінамі-інтэрнацыяналістамі. Добрай традыцыяй стала і ўскладанне кветак да помніка падчас школьных святаў. Краязнаўчы музей школы - не толькі месца захавання гісторыка-этнаграфічных матэрыялаў, але і месца пакланення гераічнаму мінуламу нашых продкаў.
З 2013 года новым, вельмі цікавым і перспектыўным накірункам ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні стала для нашай школы правядзенне пошукавай работы ў рамках творчага пошукава-даследчага праекта “Памяць”, які дазволіў аб’яднаць настаўнікаў і вучняў дзеля вялікай справы служэння памяці вызваліцеляў.
Але працэс выхавання – справа не аднаго толькі навучальнага года. Мы ствараем ўмовы для таго, каб і падчас канікулаў дзеці не заставаліся па-за ўвагай педагогоў. Бадай, самую значную працу ў гэтым накірунку выконваюць прышкольныя аздараўленчыя лагеры. У Крапівенскай яслі-садзе – сярэдняй школе гэтым летам працуе аздараўленчы эколага-патрыятычны лагер “Зялёны патруль”, ў якім адпачываюць, аздараўляюцца і выхоўваюцца 35 дзетак.
У 2014-2015 навучальным годзе па рэкамендацыі аддзела адукацыі, спорта і турызма Аршанскага райвыканкама аб забеспячэнні неперарыўнасці і пераемнасці выхаваўчага працэса ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі адміністрацыяй і педагогамі Крапівенскай яслі-сада – сярэдняй школы быў распрацаваны план работы лагера з улікам патрабаванняў эфектыўнасці выхавання маленькіх грамадзян нашай краіны.
Для забеспячэння арганізацыі выхавання школьнікаў у план работы лагера “Зялёны патруль” разам з мерапрыемтсвамі эколага-аздараўленчага характара былі ўнесены і шматлікія мерапрыемствы па фарміраванні грамадзянска-патрыятычных поглядаў выхаванцаў. Гэта лінейка “Не разаб’ецца сувязь часоў”, тэматычныя экскурсіі ў музей і бібліятэку, спартыўны марафон “Дзеля славы продкаў”, музыкальная гадзіна “Выходзіла на бераг Кацюша”, конкурс вырабаў з прыродных матэрыялаў “Няма лепей роднай Беларусі”.
А для святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі ў школьным лагеры быў цалкам выдзелены дзень – дзень Памяці. З асаблівым задавальненнем выхаванцы школьнага лагера прымалі ўдзел у конкурсе малюнкаў, прысвечаным Перамозе, актыўна удзельнічалі ў працоўным дэсанце каля помніка воінам-вызваліцелям на прышкольнай тэрыторыі, наладзілі цудоўны канцэрт “Песні ў гонар пераможцаў”.
Трэба было бачыць, якім гонарам за слаўнае мінулае дзядоў ззялі вочы дзетак, з якім запалам і энтузіязмам, разуменнем значнасці агульнай справы ўшанавання памяці герояў дзеці браліся за любую справу!
Мы вельмі спадзяемся, што праца па фарміраванні грамадзянска-патрыятычнай свядомасці ў навучэнцаў нашай школы не будзе дарэмнай, а прынясе немалаважны ўклад у выхаванне сапраўдных грамадзян Беларусі.
Начальнік школьнага лагера “Зялёны патруль” Н.А. Марозава